ГЕАГРА́ФІЯ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,
галіна эканамічнай геаграфіі, якая вывучае размяшчэнне і тэр. арганізацыю насельніцтва, яго месца ў працэсе грамадскай вытв-сці і ва ўзаемадзеянні з прыродным асяроддзем. Цесна звязана з дэмаграфіяй, этнаграфіяй, сацыялогіяй.
Вылучаюць 2 асн. кірункі: даследаванне насельніцтва асобных краін і іх частак (правінцый, штатаў, абласцей, эканам. раёнаў) і даследаванне тэр. сістэм населеных месцаў з аналізам рэгіянальных адрозненняў у тыпах і формах рассялення. Вывучае рэгіянальныя адрозненні ва ўзнаўленні (натуральны рух) насельніцтва у яго дэмаграфічнай структуры, сацыяльны, этнічны склад, працоўныя рэсурсы і іх выкарыстанне, інтэнсіўнасць, склад і напрамак міграцый, шчыльнасць насельніцтва і тыпы засялення тэрыторыі, рэгіянальныя адрозненні ў спосабе жыцця, сувязь рассялення насельніцтва з размяшчэннем вытв. сіл. У адпаведнасці з гэтым фарміруюцца раздзелы геаграфіі насельніцтва: геаграфія паселішчаў, геаграфія працоўных рэсурсаў, геаграфія міграцый. Выкарыстоўвае метады статыстычнага, картаграфічнага, матэм. аналізу. Даследаванні па геаграфіі насельніцтва выкарыстоўваюць для тэр. планавання, паляпшэння тэр. арганізацыі насельніцтва і горадабудаўніцтва.
т. 5, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)